РОЎНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Holotricha),

падклас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 атр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. На Беларусі найб. трапляюцца адны з класічных аб’ектаў інфузорый — туфелькі, галафрыя чарнаватая (Holophrya nigricans), дыдыніум насаты (Didinium nasutum), колепс шчаціністы (Coleps hirtus), прарадон яйцападобны (Prorodon ovum) і інш. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — паразіты (балантыдый колі, іхтыяфтырыус і інш.), узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека.

Даўж. да 0,6 мм. Цела бясколернае, зрэдку зялёнае, сіняе або інш. афарбоўкі. Раснічкі (пераважна органы руху) размешчаны раўнамерна або развіты пераважна на брушным баку, у некат. утвараюць венчыкі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажаюцца простым дзяленнем і шляхам кан’югацыі. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)